ПОИСК ПО КАТАЛОГУ

Я – Дзед Мароз! Артыст “Лялькі” расказвае пра сваю незвычайную прафесію

Дзед Мароз – гэта асобнае акцёрскае амплуа, або, каб пераўвасобіцца ў зімовага чараўніка, дастаткова апрануць футра і пачапіць бараду? Наогул, што трэба, каб чалавек паверыў у казку? Аб гэтым мы пагаварылі з артыстам Беларускага тэатра “Лялька” Алегам Рыхтэрам, які больш за 30 год прымярае на сябе чароўны зімовы вобраз.

Як родны дзед

Першыя спробы сыграць Дзеда Мароза Алег рабіў яшчэ ў студэнцтве, калі вучыўся ў Мінскім інстытуце культуры (цяпер –  Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). Тады, як многія студэнты, падпрацоўваў у дзіцячым садку. Усведамленне напоўненасці вобраза прыходзіла паступова. І паўнавартасным зімовым чараўніком ён стаў, як лічыць сам, толькі калі гэтую ролю даверылі ў 1993 годзе ў тэатры (на працу туды Алег прыйшоў у 1991-м).

– Дзед Мароз – гэта стан душы, – гаворыць Алег Рыхтэр. –  Каб быць ім, трэба умець адчуваць дзіцячыя душы. Можна адгарадзіцца ад людзей і быць проста прыгожым персанажам, размаўляць “тоўстым” голасам, але так не падорыш ні цеплыні, ні дабра. Я імкнуся, каб майму персанажу давяралі, як роднаму дзеду, любілі яго.

Хаця і касцюм іграе сваю ролю. Асабістых убораў Дзеда Мароза у артыста некалькі. Бо ён упэўнены, што зімовы чараўнік павінен выглядаць эстэтычна. І калі неахайнасць некаторых удзельнікаў традыцыйных шэсцяў Дзядоў Марозаў можна спісаць на карнавальныя традыцыі, то той чараўнік, які прыходзіць на ранішнік ці ў дом, павінен выглядаць бездакорна. Таму і давялося навучыцца накручваць і расчэсваць бараду, чысціць футра, прыводзіць у парадак тэатральны абутак.

Лекар дзіцячых душ

На ранішнік у тэатр прыходзяць дзеці ў розным настроі. Ёсць і тыя, хто не ідзе ў карагод, сядзіць у кутку або ціснецца да мамы. Алег перакананы: сапраўднаму Дзеду Марозу павінен быць клопат да кожнага. І зайшоўшы ў залу, ён адразу заўважае такіх малых.

– Можа, у дзіцяці душэўная траўма? Я не лічу, што гэта – праблема бацькоў. Часам раны гояцца ад простых абдымкаў з Дзедам Марозам, – разважае артыст.

Аднойчы, прыгадвае Алег, яго папрасілі павіншаваць з Новым годам маленькіх пацыентаў інфекцыйнай бальніцы, якія мусілі сустрэць свята ў бальнічных палатах. Дзед Мароз з “Лялькі”, вядома, не адмовіў. На імправізаваным ранішніку адзін з хлопчыкаў стаў чытаць верш па-латышску. Мова ў Алега на слыху: сваякі жывуць у Рызе, а самога яго неаднойчы прасілі сыграць Санту ў латвійскім консульстве ў Віцебску.

– Я павітаўся з малым: “Labdien mazulīt”. І заспяваў песеньку пра елачку на ягонай роднай мове. Хлопчык здзіўлена змоўк, а потым запытаў: “Ты да мяне прыехаў спецыяльна з Рыгі?”

“Вядома, з Рыгі”, – запэўніў Дзед Мароз. Увечары Алегу званілі з бальніцы, дзякавалі за свята, якое ён падарыў дзецям. І расказалі: малому Янісу, які паступіў з тэмпературай і атручэннем, стала лепш, аналізы паказалі, што хлопчык здаровы, і бацькам дазволілі забраць яго дадому.

Прыродная схільнасць да моў неаднойчы дапамагала артысту. Неяк да яго звярнуліся калегі, якія самі ігралі Дзеда Мароза і Снягурку. Атрымалася так, што іх маленькая дачка пазнала маму і тату на ранішніку. Дзяўчынка, якая шчыра верыла ў казку, палічыла, што бацькі падманваюць яе, i пакрыўдзілася настолькі, што перастала з імі размаўляць. “На перамовы” выклікалі Алега.

–  Прыйшоў у кватэру, назіраю за дзяўчынкай. Яна насцярожаная, дыстанцыю трымае, – расказвае артыст. – Я пачаў ёй казаць, што Дзяды Марозы бываюць розныя. Здараецца, апранаюцца ў касцюмы таты і мамы. Але ёсць і сапраўдныя. Які прыйдзе да цябе, залежыць ад паводзінаў. Вось я, напрыклад, сапраўдны. І пачаў расказваць, як ішоў да яе праз розныя краіны, як гуляў з нямецкімі дзеткамі, потым завітаў у Прыбалтыку, быў у Польшчы. Гэтыя апавяданні аздабляў песенькамі і вершамі на розных мовах. Дзіця слухала ўважліва. А калі я наблізіўся да яе і дакрануўся да рукі, адчуў, як шалёна калоціцца яе сэрца. Яна паверыла. І, канечне, даравала бацькам.

Пазнавалі Алега і сыны. Але гэта не азначае, што яны былі пазбаўлены казкі. Бацькі заўжды імкнуліся падарыць ім яе. Старэйшы, Святаслаў, рос у няпростыя 90-я. Да Новага года бацька не без цяжкасці дабыў для яго мару ўсіх дзяцей –  складны ровар. Схаваў пад елкай. Сярод ночы іх, прыгадвае артыст, разбудзіў сынаў крык: “Тата, мама, ідзіце паглядзіце, гэта не міраж!” Хлопчык не мог і падумаць, што такі цуд адбыўся без чараўніцтва. А падарункі на Каляды браты заўсёды знаходзілі ў драўляных чаравіках – кломпах, якія Алег прывез з Нямеччыны.

Вучыць дабрыні

Даводзілася Алегу Рыхтэру сустракаць Новы год на працы. Разуменне ў сям’і ёсць, жонка Святлана працуе харэографам і ўсведамляе важнасць святочных мерапрыемстваў. Артыст жа прызнаецца, што бой курантаў у 12 гадзін асабіста для яго не шмат значыць.

– Куды важней быць упэўненым, што цябе чакаюць дома і ў гадзіну ночы, – зазначае артыст. – І разумеюць, што калі ты выбраў прафесію прыносіць людзям радасць, то павінен рабіць гэта шчыра. А хатняя ўтульнасць будзе і першага, і другога студзеня.

Яна дапамагае артысту аднавіць сілы. Хаця ён прызнаецца, што мае і іншы сакрэт, як вытрымаць навагодні марафон, адыграўшы ранішнікі не фармальна.

– Працаваць для дзяцей няпроста, гэта праўда. Але тое, чым надзяліў цябе Бог, трэба аддаваць. Тады атрымаеш нашмат болей узамен, – кажа субяседнік. – Я лаўлю кайф ад таго, што дару людзям свята. І гэтая энергія мяне сілкуе. Калі-небудзь надыдзе дзень, і я задумаюся, што добрага зрабіў на гэтай зямлі. Напэўна, прыгадаю шчаслівыя вочы дзяцей. Думаю, гэта нямала.

Нягледзячы на тое, што Дзеда Мароза Алега Рыхтэра ведаюць і любяць у горадзе, ён развівае свой вобраз. Пастаянна абнаўляе праграмы, паспяваючы за рытмамі сучасных дзяцей, і ў той жа час навучае іх адвечным каштоўнасцям – дабрыні, спагадзе, дараванню.

– Мне вельмі хочацца, каб і мой народ у няпростыя часы захаваў гэтыя пачуцці, – гаворыць на развітанне Алег. –  Каб у перыяд пандэміі мы не страцілі чалавечнасць, дапамагалі адно аднаму ў любых абставінах. Не зачыняліся, здолелі застацца той нацыяй, якую ведаюць і любяць ва ўсім свеце.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *